Парады ад Т. Відэргольд па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі

Парады ад Т. Відэргольд па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі

За добрасумленную, плённую працу Падзякай Прэзідыума Рэспубліканскага камітэта беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя нядаўна былі адзначаны старшыя медыцынскія сёстры інфекцыйнага і тэрапеўтычнага аддзяленняў Бярэзінскай ЦРБ Таццяна Відэргольд і Аксана Піскун адпаведна. На старонках газеты мы ўжо расказвалі пра працоўную дзейнасць Аксаны Міхайлаўны, таму самы час пазнаёміцца з Таццянай Анатольеўнай.

Татьяна Видергольд и Оксана Пискун

У Бярэзінскай ЦРБ Таццяна Анатольеўна працуе больш за 20 гадоў. Прыйшла сюды адразу ж пасля заканчэння Барысаўскага медыцынскага каледжа.
— Шчыра прызнаюся, не адразу вырашыла звязаць жыццё з медыцынай. Спачатку паступіла ў іншую навучальную ўстанову, але даволі хутка зразумела: гэта не маё. І тады згадаліся словы бабулі, якая казала, што лепшая прафесія – медыцынскі работнік, маўляў, людзей у белых халатах заўсёды паважаюць. Я ўладкавалася на працу ў нашу раённую бальніцу санітаркай. Складаная, напружаная праца мяне не напужала. Ды і калегі падтрымлівалі, раілі падаваць дакументы ў медкаледж.
Пасля каледжа Таццяна Анатольеўна пэўны час шчыравала медыцынскай сястрой у рэанімацыйным аддзяленні, затым перайшла ў інфекцыйнае.
— Што ўваходзіць у мае абавязкі? Вядзенне дакументацыі, амбулаторных карт, выдача медыкаментаў… Калі паступаюць пацыенты, рэгіструю іх. Зараз сачу, каб нашы медыцынскія работнікі прыйшлі на працу здаровымі (вымяраем тэмпературу цела, нагадваем аб сродках індывідуальнай аховы).
Адчуваецца, што Таццяна Анатольеўна актыўная, пазітыўная. Яна пастаянна ў руху, ніколі, здаецца, не сядзіць на месцы. І заўсёды гатова
дапамагчы. Яна “настаўніца” для маладых спецыялістаў.
Калі на базе райбальніцы функцыянаваў шпіталь, Таццяна Анатольеўна была старшай медыцынскай сястрой інфекцыйнага аддзялення нумар 1.
— Для нас гэта, здаецца, была звычайная справа. Працавалі, прымалі пацыентаў. Проста неабходна было прытрымлівацца дадатковых мер прафілактыкі: правільна карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы. Мне даводзілася і вучыць, падказваць медыцынскім работнікам, як правільна апранаць супрацьчумныя касцюмы, карыстацца сродкамі аховы органаў дыхання, апрацоўваць рукі… — заўважае Т. Відэргольд. – Перажывала за нашых медработнікаў, імкнулася кожнаму данесці, растлумачыць, што галоўнае — захоўваць усе меры прафілактыкі. Дзякуючы зладжанай рабоце калектыву, мы справіліся. Зараз ідзе новая хваля “кароны”. Хочацца, каб бярэзінцы не былі абыякавымі да свайго здароўя, а выконвалі рэкамендацыі медыцынскіх работнікаў. Цяпер наша аддзяленне працуе ў рэжыме “баявой гатоўнасці”. Умоўна аддзяленне падзелена на “чырвоную” (боксы) і “зялёную” зоны. У боксы, вядома ж, медыцынскія работнікі заходзяць у спецыяльных касцюмах. Захоўваюцца ўсе меры прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі. Для ўсеагульнай бяспекі працуе бактэрыцыдны рэцыркулятар паветра — устаноўка для абеззаражвання памяшканняў.
Бясспрэчна, пасля такой фізічна і маральна напружанай працы неабходна добра адпачываць.
— У вольны час, якога так не хапае, люблю пачытаць, — заў-важае жанчына. – Падабаецца творчасць Дзікенса, Маркеса, Умбэрта Эка, даспадобы і кнігі па медыцыне.
Чэрпае бадзёрасць Таццяна Анатольеўна ў сям’і. Дарэчы, муж Дзмітрый Уладзіміравіч таксама працуе ў райбальніцы.
— Не дае нам з мужам сумаваць маленькі сыночак. З ім мы і бегаем, і скачам, і танцуем, і спяваем, і малюем, і пішам, — заўважае Т. Відэргольд. — Кожны дзень ён здзіўляе нас новымі жаданнямі, кім хоча быць, калі вырасце. То міліцыянерам, то выратавальнікам, то пісьменнікам, то, як мы — медыцынскім работнікам! Яму пакуль няма і пяці годзікаў, ён з задавальненнем “гуляе” ў бальніцу, “лечыць” хворых і марыць, каб мы навучылі яго рабіць уколы… Магчыма, сапраўды, працягне нашу справу…

Парады ад Т. Відэргольд па прафілактыцы каранавіруснай інфекцыі

— Захоўвайце сацыяльнае дыстанцыраванне!
— Пазбягайце месцаў масавага знаходжання людзей!
— Насіце сродкі індывідуальнай аховы!
— Абавязкова зрабіце прышчэпку ад грыпу!
— Рэкамендую бярэзінцам з сімптомамі вострых рэспіраторных захворванняў неадкладна звяртацца за дапамогай. Лепш за ўсё выклікаць урача на дом, патэлефанаваўшы ў рэгістратуру.

Юлія БУКЕЛЬ. Фота аўтара.

Оригинальная статья.